Трышын, Валынка, Рэчыца… – з гісторыі мікрараёнаў Берасця



Берасцеец і аспірант Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Антон Дацкевіч у вольны час даследуе колішнія прадмесці старога гораду.

Цяпер яны ўсім вядомыя як мікрараёны: Вулька-Падгародская, Валынка, Трышын, Рэчыца, Пугачова і іншыя. Для Антона гэта праца не аднаго дня, але пэўныя кавалкі назапашанага і апрацаванага матэрыялу ўжо з’яўляюцца ў публічным доступе для больш шырокай аўдыторыі.

„Я паспрабаваў на падставе краязнаўчага матэрыялу разглядзець гісторыю гэтых берасцейскіх ускраін. Пашукаць мясцовы фальклёр, мікратапанімію (назвы ўрочышчаў) на розныя назвы ўрочышчаў, якія вядомыя толькі мясцовым жыхарам, пашукаць старыя фотаздымкі, каб убачыць як выглядалі, у чым хадзілі людзі ў міжваенны і пасляваенны перыяд. Запісаць нейкія легенды, паданні, звязаныя з берасцейскімі знакавымі аб’ектамі. Напрыклад, вядомы сёння мужчынскі манастыр (Гершоны, Аркадзія)… пра яго існуе народнае паданне, што там вырасла кветка і потым вырашылі, што гэта цуд („чудо” па-мясцоваму) і пабудавалі там капліцу напрыканцы ХІХ стагоддзя. Мясцовыя пра гэта памятаюць і распавядаюць”, – кажа Антон.

Даследчык падчас працы звяртаў увагу на найбольш цікавыя моманты: фрагменты песень, нейкае паданне, фотаздымак, кароткія звесткі з мінулага, першыя пісьмовыя згадкі (у пісьмовых дакументах XV-XVI стагоддзяў), а таксама (важны момант) на дыялектныя асаблівасці.

„Як гаварылі на Рэчыцы, на Дуброўцы, у Трышыне, Шпановічах, як гаварыла Валынка, дзе жылі мяшчане. У іх [жыхароў Валынкі] змешваліся рускія, польскія і мясцовыя палескія словы. На гэта я звяртаў увагу”, – кажа Антон.

У архівах Антон не працаваў, а карыстаўся выключна даведачнымі матэрыяламі, Метрыкай Вялікага Княства Літоўскага якая зараз выдаецца, і рабіў інтэрв’ю са старажыламі таго ці іншага цяперашняга ўжо мікрараёну.

„Выходжу на нейкую вуліцу, дзе была раней вёска, і шукаю, пытаю, дзе тут жывуць старыя людзі. Лепш за ўсё гэта людзі 1920-х гадоў нараджэння. Дамаўляешся і запісваеш. У мяне ёсць цэлая праграма пытанняў, там не адна старонка, паводле якой я праводжу інтэрв’ю. Потым збіраецца і назапашваецца нейкі матэрыял, на падставе якога ўжо нешта можна пісаць. Цікавы матэрыял быў атрыманы на Вульцы пра Валынку (берасцейскае прадмесце, якое ўзнікала ў ХІХ ст.), дзе паведамлялі пра мясцовых мяшчанаў, гэта значыць нашчадкаў жыхароў сярэднявечнага Берасця, якія там жылі…” – распавядае Антон.

Навуковец хоча як мага паўней назбіраць і зберагчы гэтага краязнаўчага матэрыялу. Толькі пазней, ужо пасля апрацоўкі, ён паспрабуе прадставіць вынікі гэтых збораў больш шырокай аўдыторыі. Матэрыял паводле часткі Антона даследаванняў ужо зараз можна прачытаць у 6 (11) нумары часопісу „Наша Гісторыя” за 2019 год, прысвечаны ў тым ліку 1000-годдзю Берасця.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com