Ці сапраўды Полацк калыска беларускай дзяржаўнасці?



На гэтае ды іншыя пытанні шукалі адказы гісторыкі і археолагі, якія ўзялі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі „Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі”, што адбылася ў Полацку 1-2 лістапада.

Кажа ўдзельнік канферэнцыі гісторык, археолаг і пісьменнік Сяргей Тарасаў:

– За гэтыя 30-ць гадоў уся наша грамадскасць усвядоміла, што Полацк калыска беларускай дзяржаўнасці. Тут прадстаўляюцца ўсе найноўшыя распрацоўкі, напрацоўкі, знаходкі, ідэі, якія тычацца менавіта нашай дзяржаўнасці. Таму я думаю, што гэта галоўная мэта гэтай канферэнцыі.

Гісторык, археолаг і палітык Алег Трусаў таксама лічыць, што вопыт Полацка, у справе шанаванна і вывучэння ўласнай гісторыі, варты пераймання і пашырэння:

– Самае галоўнае, што Полацк за гэтыя гады незалежнасці паказаў усяму свету, што мы не „Іваны не памятаючыя радства”, бо наша дзяржава ўзнікла адначасова з расейскай – у 862 годзе. Яны вядуць ад гэтай даты, прынамсі так пазначана ў сённяшніх падручніках Расеі, і мы вядзем. І галоўнае, што мы да Кіеўскай Русі стопрацэнтных адносін не маем.

Падчас канферэнцыі прагучала прапанова адносна археалагічнага музея, які варта стварыць у Полацку. І нават будынак для такога музея ёсць – корпус бальніцы на Верхнім замку побач з Сафійскім саборам, які пустуе ўжо некалькі год.

Васіль Кроква, Беларускае радыё Рацыя, Полацк