Ціхан Чарнякевіч: Калі хтосьці купіць нейкую кніжку, то дзякуй Богу



Прэс-сакратар грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Ціхан Чарнякевіч пракаментаваў сёлетні Дзень беларускага пісьменства, які завершыўся у райцэнтры Капыль:

Для нас, як і для многіх іншых беларусаў, само існаванне гэтага свята ўжо з’яўляецца з’явай паралельнай рэчаіснасці. То бок, як «Дажынкі» альбо «Славянскі базар». Яно не зусім мае да нас прамое дачынне, хутчэй абслугоўванне нейкай дзяржаўнай ідэалогіі, альбо культурнай палітыкі. Для літаратуры там адведзены адзін дзень. У нейкім горадзе робіцца рамонт, кладзецца плітка, смажацца шашлыкі, акардэон, баян і гэтак далей.

Што праўда Ціхан Чарнякевіч звярнуў увагу і на станоўчыя моманты згаданага мерапрыемства:

– З другога боку, не ведаю, ці засталася ў тым райцэнтры кнігарня. І таму калі хтосьці прыйдзе і купіць якую-небудзь кнігу, Караткевіча, ці Стральцова, то дзякуй Богу. Ну а праца з чытаннем беларускай літаратуры павінна весціся, канешне, не адзін дзень.

Сёлетняе XVIII па ліку афіцыйнае свята Дзень беларускага пісьменства праходзіла пад эгідай Году народнага адзінства. Адбылося яно на фоне ліквідацыі шэрагу грамадскіх аб’яднанняў і эміграцыі многіх літаратараў.

Беларускае Радыё Рацыя