Цімкавічы – радзіма Кузьмы Чорнага



Жыхары Цімкавіч Капыльскага раёна не любяць, калі іх Цімкавічы называюць вёскай, бо гэта не вёска, а мястэчка, пасёлак. І гэта сапраўды так. Тут пражываюць сёння больш за 1000 жыхароў. Адсюль родам выйшла шмат вялікіх асобаў. Сярод якіх – найперш слынны беларускі пісьменнік Кузьма Чорны (1900-1944), хоць і нарадзіўся ён у маёнтку Боркі, што быў побач з Цімкавічамі. Але, як пісаў у сваёй аўтабіяграфіі Кузьма Чорны, “каля маёнтка Боркі школ блізкіх не было, і з гэтай прычыны бацька кінуў службу і пераехаў на сваю радзіму ў мястэчка Цімкавічы Капыльскага раёна… Я скончыў Цімкавіцкае народнае вучылішча…”. Цяпер у Цімкавічах ёсць музей Кузьмы Чорнага, мясцовае школа носіць яго імя.

З Цімкавіч родам і шмат іншых славутых імён, якія жылі і жывуць у розных краінах свету. Цімкавіцкая зямля нарадзіла доктара медыцынскіх навук, прафесара Вальдэмара Раманенку, майстара спорту па шашках Георгія Пятровіча, доктара філалагічных навук, прафесара Алеся Бельскага, беларускага мастака Барыса Іванова і многіх іншых.

Валодаў некалі Цімкавічамі Ян Караль Хадкевіч. У Цімкавіцкай царкве Ян Хадкевіч браў шлюб з княгіняй слуцкай Соф’яй Алелькавіч. Потым Цімкавічы трапілі да Яна Сапегі, Казіміра Сапегі, які быў фундатарам будаўніцтва драўлянага касцёла. Потым гаспадарамі мястэчка былі Палубінскія і Радзівілы. Захаваўсяў у Цімкавічах парк Радзівілаў. Яго плануць аднавіць, сёе-тое ўжо зроблена. Магчыма і адновіцца парк Радзівілаў у Цімкавічах прах 15-20 гадоў. Хочацца ў гэта верыць.

Шмат дзесяцігоддзяў на галоўнай плошчы мястэчка стаіць брама-званіца. Побач узвышаўся храм святога Міхаіла Архангела. Час зруйнаваў яго, захавалася толькі каплічка з шыльдачкай на якой напісана па-расейску: “19 февраля 1861 года в память освобождения крестьян от крепосной зависимости”.

25 сакавіка 1918 года з Трэцяй Устаўной граматай Цімкавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Але 1 студзеня 1919 года яны ўвайшлі ў склад БССР. У часе Слуцкага паўстання 1920 года праз Цімкавічы праходзіла лінія абароны Грозаўскага палку БНР. Праўда, пра гэта сёння, на вялікі жаль, не нагадваюць не мемарыяльныя шыльды, ні помнікі – бо іх у Цімкавічах няма.

Але ў мястэчку сёння жыць можна. Цімкаўцы сумленна працуюць, вучацца, гадуюць дзетак, адпачываюць і вераць у больш лепшае і шчаслівейшае жыццё, як і ўсе беларусы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Капыльскі раён

Фота аўтара