Творчы вечар Аркадзя Ліцьвіна



Творчы вечар аўтара гістарычнай прозы Аркадзя Ліцьвіна прайшоў у Цэнтры гарадскога жыцця Гародні. Яго раман „Прастрэлены талер”, які нядаўна быў выдадзены коштам аўтара ў выдавецтве „ЮрсаПрынт” (у поўным камплекце гэта трохтомнік), цяпер запаўняе прабелы беларускай гістарычнай мастацкай літаратуры. Падзеі, якія асвятляюцца ў рамане: XVII стагоддзе ў Рэчы Паспалітай абодвух народаў.

На думку сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Віктара Сазонава, цяпер адчуваецца брак гістарычных твораў, напісаных беларускімі аўтарамі.

Увогуле бракуе. Дзякуй Богу, гэты жанр адраджаецца. Паколькі беларуская гістарыяграфія, у прынцыпе, была заціснутая за часы, калі мы былі згубіўшы сваю незалежнасць, нашую гістарычную навуку перараблялі ў нейкую псеўдаагітацыю падчас новага адраджэння і новага пошуку праўды ў гістарычнай навуцы, якраз паралельна з гэтым ідзе вось гэтая літаратура і такія людзі, як Аркадзь Ліцьвін, якія нават у нечым апярэджваюць.

У час абмеркавання прагучалі думкі чытачоў, што падобныя творы – прыдатны інструмент у пазнанні мінулага нашага краю не як аб’екта, а як суб’екта гісторыі. Гэтаму, дарэчы, Аркадзь Ліцьвін прысвяціў не толькі названы раман „Прастрэлены талер”.

Агулам у мяне каля 10 раманаў. Яны ўсе ўкладваюцца ў XVII стагоддзе. Мая мэта – вярнуць шляхту ў літаратурны ўжытак, каб беларускі чытач ведаў, што былі не толькі ў лапцях. Мне хацелася, каб быў ажыццёўлены вельмі просты тэзіс: шляхта – нацыя няпоўная як ні круці.

Падчас імпрэзы ўдзельнікі мелі магчымасць прыдбаць трохтомнік рамана для ўласнай бібліятэкі. Усяго з надрукаваных існуе толькі два раманы Аркадзя Ліцьвіна: ” Галс” і „Прастрэлены талер”.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара