Творы беларускіх класікаў могуць знікнуць з украінскай навучальнай праграмы



Прадстаўнікі Беларускай Рады Культуры намагаюцца запабегчы выкрэсліванню твораў беларускіх класікаў з украінскай навучальнай праграмы. У дадзены момант пад пагрозай выдалення са школьных падручнікаў аказаліся аповесць Васіля Быкава “Альпійская балада”, паэма “Тарасова доля” Янкі Купалы і верш “Беражы сябе, Украіна” Сяргея Законнікава.

На думку кіраўніка БРК Сяргея Будкіна, пазбаўляцца спадчыны беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, якія самі пацярпелі ад царскага і савецкага рэжымаў, няправільна.

-Творы, якія дэманструюць павагу да Украіны, у якіх ёсць украінская тэматыка, тэма салідарнасці з Украінай у розныя часы, хочуць выкрэсліць з украінскай школьнай праграмы. Нам падаецца гэта абсалютна няправільным. Пра што мы і пішам у лісце да міністра адукацыі Украіны. Мы тлумачым, што там няма ні прарасейсіх настрояў, ні тым больш знакаў прапаганды і расейскага наратыву. Што ўсе гэтыя аўтары самі пацярпелі за любоў да сваёй Радзімы, самі сталі ахвярамі рэжыму ў розныя часы.

БРК чакае адказу на зварот у Міністэрства адукацыі Украіны, у якім абгрунтавалі недарэчнасць выдалення твораў беларускіх класікаў у межах дэрусіфікацыі асветы.   

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]