Творы прадстаўнікоў дынастыі мастакоў Шыбнёвых – у Полацку



У Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ідзе падрыхтоўка да адкрыцця выставы твораў дынастыі мастакоў Шыбнёвых. Гэтая выстава прадставіць наведвальнікам унікальную магчымасць пазнаёміцца ​​з творчасцю шасці мастакоў чатырох пакаленняў, якія належаць да адной сям’і, творчая дзейнасць якіх ахоплівае больш стагоддзя. У іх творах ярка выяўлена як індывідуальнае светабачанне кожнага, так і адбітак той ці іншай эпохі. Даміян Шыбнёў скончыў Імператарскую Акадэмію мастацтв у Пецярбургу ў 1910 годзе, вучыўся ў Іллі Рэпіна. Па стане здароўя быў вымушаны пасяліцца ў Керчы. Ягоны сын Анатоль Шыбнёў скончыў Адэскі мастацкі інстытут і Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе. Быў накіраваны на працу ў Берасце. З 1944 года жыў і працаваў у Менску. Таццяна Разіна – жонка Анатоля Шыбнёва. Таксама выпускніца Адэскага мастацкага інстытута. Перад вайной была галоўным мастаком Берасейскага рускага тэатра. Яўген Шыбнёў – сын Анатоля Шыбнёва. Закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, як і яго жонка Ніна Голышава. Аляксандр Яўгенавіч Шыбнёў скончыў Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава, гэтак сама, як і ягоная жонка Ірына Мойгіс, якая таксама скончыла Беларускую Акадэмію мастацтваў, займаецца керамікай. Творы гэтых прадстаўнікоў роду Шыбнёвых і будуць прадстаўлены на выставе ў Полацкай мастацкай галерэі.

Адкрыццё выставы адбудзецца 21 сакавіка ў 15.00.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік

[manual_related_posts]