У Беларусі неўзабаве пачнецца новы археалагічны сезон



Спецыялісты ў галіне археалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сёлета арганізуюць экспедыцыі па даследаванні аб’ектаў розных эпох, паведаміў на прэс-канферэнцыі 11 красавіка ў Мінску загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу Інстытута гісторыі Вадзім Кошман.

Паводле яго слоў, у межах гэтых экспедыцый навукоўцы будуць працаваць з „археалагічнымі помнікамі і аб’ектамі зыходзячы са сваіх навуковых інтарэсаў, а таксама планавых заданняў, якія прапісаныя ў дзяржаўнай праграме навуковых даследаванняў”.

„Гэта будуць экспедыцыі па вывучэнні археалагічных аб’ектаў эпохі першабытнага ладу, Сярэднявечча і Новага часу, [асобна] аб’ектаў Полацкай зямлі і прылеглых тэрыторый”, — сказаў Кошман.

Археалагічныя даследаванні побач са Спаса-Праабражэнскай царквой у Полацку.

Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза канкрэтызаваў, што даследаванні будуць праводзіцца на Крывінскім тарфяніку (Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці), у Белавежскай пушчы, дзе вядзецца будаўніцтва першага ў Беларусі археалагічнага музея пад адкрытым небам, а таксама на асобных аб’ектах у Іўеўскім раёне (Гродзенская вобласць). Акрамя таго, археолагі працягнуць даследаваць курганныя пахаванні Сярэднедняпроўскай культуры на Дняпры, а таксама на тэрыторыі гарадзішча Обчын (Любанскі раён Мінскай вобласці).

Кіраўнік Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч дадаў, што сёлета запланаваная паўторная экспедыцыя ў раён вёскі Кардон (Віцебская вобласць), дзе нядаўна было выяўленае старажытнае паселішча, цераз якое, як сцвярджаюць навукоўцы, праходзіў ранні шлях „з варагаў у грэкі”.

belapan.by

Фота Васіля Кроквы