У Берасці адбыўся фестываль “Вар’яцкі дом 4”



“Вар’яцкі дом 4”. Фестываль пад такой назвай прайшоў у дворыку дома №33 па вуліцы Будзёнага, што ў Берасці. На штогадовай імпрэзе выступілі акцёры, музыкі, паэты і мастакі.

Пра ідэю фэста кажа адзін з ягоных арганізатараў Ігар Пашэчка:

– Фармат сямейны, вельмі душэўны. Нашыя гледачы прыходзяць з дзецьмі, прыходзяць сем’ямі. Сямейны добры фестываль. Што ў ім вар’яцкага? На самой справе вар’яцкага ў ім шмат. Само месца, дзе знаходзіцца гэты дом, – тут жывуць музыкі, акторы. Яны рэальна тут жывуць – гэта іх месца жыхарства. Таму гэтае месца набрынялае іх творчасцю. Па-другое, бывае вар’яцтва буйнае, а бывае ціхае. У нас такое ціхае, душэўнае. І па-трэцяе, асноўная фішка фестывалю, якая паўтараецца ўжо другі год, няма нейкай канкрэтай галіны мастацтва, якая была б галоўнай.

Сёлета на фэсце выступалі выключна берасцейскія творцы. Для музыкаў, паэтаў і акцёраў зрабілі сцэну, для дзяцей – зону для майстар-класу па маляванню, а для дзвух соцен наведвальнікаў паставілі крэслы і палеты. Сваімі ўражаннямі дзеляцца госці мерапрыемства:

– Вельмі ўражаныя, вельмі спадабалася. Цудоўныя музыканты. Вельмі спадабаўся Дзмітрый Маслоўскі і яго каманда. А таксама каманда “Воўка Плюмбум”. Вельмі усцешаны.

РР: А ў мінулыя гады былі тут?

– Не, у першы раз.

РР: А такі фармат для нашага горада, як вы лічыце, ён спрыяе нечаму?

– Канешне, спрыяе. Людзя патрэбна весяліцца і неяк быць разам.

Імпрэза цягнулася ад 15-й да 22-й гадзіны. У гэтым годзе ўваход для наведвальнікаў каштаваў 12 рублёў на цэлы дзень і 6 рублёў для тых хто трапіў на фэст увечары.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

Фота аўтара