У Берасці адкрылася выстава Пятра Кузьміча



У Берасці адкрылася першая персанальная выстава маладога мастака-эмальера Пятра Кузьміча. На ёй прадстаўлены авангардныя працы, зробленыя са сталі, жалеза, латуні, медзі, амаль заўсёды спалучаныя з гарачай эмаллю. Пётр прызнае пераемнасць ад свайго бацькі, мастака-эмальера Міколы Кузьміча, вядомага як аўтара копіі крыжа Еўфрасінні Полацкай.

IMG_7600_s

Малады мастак кажа, што захапіўся эмаллю якраз у той перыяд свайго дзяцінства, калі бацька працаваў над крыжам, і Пятру даводзілася грэць яму матэрыял:

– Я ад яго больш прыняў ад тэхнікі таму, што вельмі шмат мастакоў спрабуе ў эмалі перадаць рэалістычнае, што ў жывапісе робяць. Я больш стараюся рабіць абстракцыю, авангард, як бы перадаць уласцівасці матэрыяла, працу з ім.

Выстава Пятра Кузьміча “Сучасная мастацкая эмаль” працягнецца ў малой выставачнай зале Берасцейскага абласнога грамадска-культурнага цэнтру да 11-га лістапада. Пасля чаго яе зменіць выстава другога мастака-авангардыста – Мілаўрада Палачыча.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара