У Берасці адмянілі канцэрт расейскага гурта „Машына часу”



Прызначаны на 7 снежня ў берасцейскім Лядовым палацы канцэрт гурту „Машына часу” адменены.

Арганізатар выступлення Берасцейская абласная філармонія спачатку паведаміла, што канцэрт адменены па тэхнічных прычынах. Аднак прэс-аташэ „Машыны часу” Антон Чэрнін заявіў БелаПАН, што „арганізатары берасцейскага канцэрта не выканалі ўзятыя на сябе абавязацельствы па дамове і таму давялося адмяніць канцэрт”.

„Адзіная прычына, па якой у Берасці не ўбачаць „Машыну часу”, — на канцэрт не прададзеныя ўсе квіткі, таму выступленне не адбудзецца, — паведаміла БелаПАН начальнік рэкламна-інфармацыйнай службы філармоніі Юлія Кавалевіч.

Умяшчальнасць палаца складае 2.000 гледачоў.

„Машына часу” з праграмай „Светам кіруе каханне” павінна была прыехаць у Берасце 7 снежня пасля ўкраінскага тура. Квіткі на канцэрт каштавалі ад 40 да 110 рублёў.

Таксама ў снежні Берасцейскай абласная філармонія вымушаная адмяніць яшчэ два канцэрты: 10 снежня гледачы не ўбачаць ўкраінскую пастаноўку „Ноч перад Калядамі” паводле Мікалая Гогаля, а 14 снежня адменены расейска-беларускі праект „Проста добрыя песні”.

belapan.by