У Берасці прайшла “Друкарня з Ізюмам”



На імпрэзе “Друкарня з Ізюмам” у Берасці кожны жадаючы змог зрабіць бясплатны прынт на футболцы з надпісам “У родным краю як у раю”.

Першыя пятнаццаць наведвальнікаў у дадатак атрымалі постэр з аналагічным надпісам ад стрыт-арт мастака Сяргея Русака:

– Я малюю трафарэты, раблю постэры сумесна з моладдзю з “Дзедзіч” з цытатамі на беларускай мове. Можна сказаць, што гэта кавалачак сучаснага мастацтва “ на нашай вуліцы” тут і зараз. Акрамя прынтоў я раблю альбо палотны, альбо малюнкі на сценах, узгодненыя з уладальнікамі дамоў.

Сяргей Русак па мянушцы „Ізюм” – знаны вулічны мастак, фотаздымкі работ якога можна пабачыць у ягоным Instagram. Перфоманс «Друкарня з Ізюмам» у Берасці адбыўся дзякуючы агенцтву рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч».

 

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара