У Берасці прэзентавалі кнігу «Мяжа была пад Менскам 1921-1941 гг.»



Пытанні, звязаныя з даваеннай савецка-польскай мяжой і жыццём мясцовага насельніцтва ў гэты перыяд часу абмеркавалі ў Берасці. Тут у творчай прасторы незалежнага тэатра «Крылы халопа» прайшла прэзентацыя кнігі гісторыка Ігара Мельнікава „Мяжа была пад Менскам 1921-1941 гг.”. Аўтар распавёў пра змест выданняў, які прывёз з сабой для берасцейцаў:

Я прывёз дзве свае кніжкі: «Мяжа была пад Менскам», якая выйшла ў кастрычніку 2017 года, і мая новая кніжка на польскай мове «20 дывізія пяхоты», якая прысвечана беларусам у Войску Польскім – знакамітай Баранавіцкай «беларускай» 20-ай дывізіі. Прывёз у Берасце, бо гэта цікавы для мяне горад, тут шмат людзей, якія цікавяцца міжваеннай гісторыяй. І я лічу, што гісторыя міжваеннай мяжы – гэта не толькі гісторыя Менска, Заслаўся, Ракава, але гэта гісторыя для ўсёй Беларусі, гэта мяжа цывілізацыі.

У кнізе змешчаны сотні мала вядомых і нідзе раней не публікаваных фотаздымкаў. Большасць з іх знаходзіцца ў прыватным архіве аўтара.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота istpravda.ru