У Берасці стартуе XXV міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа – 2021”



У Берасці пачынаецца чарговы традыцыйны міжнародны тэатральны фестываль „Белая вежа”. 9 верасня на сцэне Берасцейскага акадэмічнага тэатру драмы (БАТД) пакажуць свой спектакль госці фестывалю.

А конкурсная частка адкрыецца днём пазней – 10 верасня. Сёлетні фестываль мае і свае адметнасці, зазначыў яшчэ на ліпеньскай прэс-канферэнцыі мастацкі кіраўнік мясцовага тэатру і дырэктар фестывалю Аляксандр Казак:

– Кожны фестываль мы стараемся, і асабіста я стараюся, каб ён быў іншым, чымсьці адрозніваўся. У нас былі фестывалі і тэматычныя, і па кірунках жанравых, і па падзеях. Я думаю ўнікальнасць сёлетняга фестывалю будзе, так назавём, усходні накірунак. Фестываль яшчэ будзе цікавы тым, што ў гэтым годзе як ніколі падабралася моцная беларуская праграма.

У мінулым годзе з-за эпідэміялагічных абмежаванняў фестываль не праводзіўся, і таму сёлета ён пройдзе ўпершыню пасля жнівеньскіх падзеяў 2020 году. Пасля якіх значная частка работнікаў культуры Беларусі апынулася за мяжой. Дарэчы, тады калектыў БАТД выступіў са зваротам.

Кажа Сяргей Будкін, кіраўнік “Беларускай Рады Культуры”:

– Калі паглядзець агулам, то які можа быць зараз фестываль ва ўмовах вайны, якая абвешчана ўсім вольнадумным беларусам, у тым ліку ў сферы культуры. Які можа быць фестываль на фоне поўнага разгрому нацыянальнай культуры. Які можа быць фестываль, калі існуе забарона думаць і рэфлексаваць на тэрыторыі Беларусі. Аднак спробу ажыўлення, у тым ліку тэатральнага жыцця, напэўна можна вітаць з пункту гледжання падтрымкі адно аднога і імкнення захаваць прынамсі тое, што ёсць у гэтых няпростых умовах.

Тым не менш, наведвальнікаў фестывалю чакаюць спектаклі як айчынных тэатраў, так і гасцей з блізкага і далёкага замежжа на трох мовах: беларускай, рускай і таджыкскай з перакладам на рускую.

Беларускае Радыё Рацыя