У Бярозе замест сустрэчы з пенсіянерамі правялі вернісаж



У Бярозаўскім Палацы культуры адбыўся абласны конкурс мастацкіх калектываў людзей пенсійнага ўзросту Берасцейскай вобласці пад назвай “Бярозаўскі вернісаж”.

Сваё майстэрства да Дня пажылых людзей прыехалі паказаць мастацкія калектывы сацыяльных цэнтраў з Баранавічаў, Белаазёрску, Драгічына, Пінску і, вядома, з Бярозы. Для людзей мудрага ўзросту такое хобі – гэта аддушына ад паўсядзённых праблем, кажа ветэран Бярозаўскага мастацкага калектыву Станіслава Сакута:

– Я спяваю з маладосці. Дачка Света, як скончыла культпрасвет вучылішча, стала працаваць у сельскім клубе. 30 гадоў там з ёй праспявалі.

Выступ калектываў ветэранаў працы спадабаўся прысутным на вернісажы. Пераможцамі сталі бярозаўчане. Другое месца дасталася Пінску, а трэцяе – Баранавічам. Не ўсе былі згодныя з журы адносна размеркавання месцаў паміж калектывамі, кажа Таццяна Тарасевіч:

– Мне спадабалася. Я лічу, што падрыхтавана. З размеркаваннем месцаў я не згодная. Баранавічы трохі недаацанілі.

У мінулыя гады бярозаўскія ўлады праводзілі сустрэчу з пенсіянерамі, выслухоўвалі праблемы, прымалі просьбы. Сёлета такую сустрэчу замянілі на вернісаж.

Беларускае Радыё Рацыя