У “чорны спіс” трапіла вуліца Якуба Коласа ў Кіеве



Кіеўская гарадская Рада збірае прапановы па перайменаванні савецкіх і расейскіх назваў вуліц у Кіеве. Мэта адна – дэрусіфікацыя. У гэты “чорны спіс” трапіла і вуліца Якуба Коласа, якая знаходзіцца на Баршчагіўцы.

Класіка беларускай літаратуры збіраюцца “замяніць” на ўкраінскага літаратуразнаўцу, пісьменніка, героя Ўкраіны Івана Дзюбу (1931-2022), аўтара вядомай ў 1960-х гадах брашуры “Інтэрнацыяналізм ці русіфікацыя”.

Беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне, а таксама многія пісьменнікі Ўкраіны, выступілі супраць замены вуліцы народнага пісьменіка Беларусі Якуба Коласа. Тым больш, што Якуб Колас пры жыцці моцна сябраваў з многімі ўкраінскімі пісьменнікамі, перакладаў на беларускую мову творы Тараса Шаўчэнкі, быў шчырым сябрам Максіма Рыльскага.

Беларуская паэтка Іна Снарская, якая жыве ў Палтаве, адзначыла, што, перш, чым прыняць такую пастанову наконт перайменавання, трэба разабрацца, хто ёсць хто. Паэтка верыць, што ўсё ж вуліца ў Кіеве застанецца насіць імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Беларускае Радыё Рацыя    

[manual_related_posts]