У Друі завяршыўся дзевяцідзённы мастацкі пленэр «Скарынэр»



У Друі на Браслаўшчыне завяршыўся дзевяцідзённы мастацкі пленэр «Скарынэр». У гэтым годзе ў ім прынялі  удзел каля 40 мастакоў з Беларусі, Расеі ды Галандыі. Пленэр быў прысвечаны 500-годдзю выдання беларускай Бібліі Францішкам Скарынам.

Па словах  аднаго з арганізатараў пленэру, ксяндза Сяргея Сурыновіча, стварыць для мастакоў скарынаўскую атмасферу дапамаглі  Юры Ўсціновіч з Менску і Вячаслаў Дзмітровіч з Глыбокага.

— Спадар Юрый Усціновіч — гэта гісторык, рэканструктар сярэднявечнай беларускай вопраткі. Ён адмыслова прыехаў сюды, яго пісалі, бо ягоны твар вельмі ўніверсальны і, як мастакі палічылі, з ягоным тварам можна працаваць і шукаць вобразы Скарыны. Майстар з Глыбокага прывёз рэканструяваны станок Гутэнберга. Ён зараз усталяваны ў касцёле і на ім можна друкаваць. І вось, станок, Скарына ў адноўленых, рэканструяваных вопратках сярэднявечча ажыў тут, у Друі, ажыў на палотнах. Думаю, гэтая тэма дастаткова раскрыта, бо многія мастакі звярнуліся да слова, да кнігі.

Падчас пленэру для мастакоў і гасцей парафіі Святой Тройцы ў Друі праводзіліся творчыя вечарыны з гісторыкамі, пісьменнікамі, музыкамі. За гэты час Друю наведалі Віктар Сямашка, Адам Глобус, Уладзімір Някляеў, Вольга Акуліч, Міхаіл Рубін, N.R.M. ды іншыя.

Дыпломы ўдзельнікам пленэру ўручыў віцебскі біскуп Алег Буткевіч. Імпрэза скончылася вернісажам у Друі. Потым выстава пераедзе ў менскі Чырвоны касцёл.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя