У дыскусійным клубе „АБ-БЫ” прэзентавалі фільм „Гавораць беларусы Падляшша”



У рамках дыскусійнага клуба „АБ-БА” ў Склепе з культурай прайшла прэзентацыя фільма Міколы Ваўранюка са здымкамі Рамана Васілюка „Гавораць беларусы Падляшша”. Гэта вынік праекта, які пачаўся ў 2008 годзе. Спачатку гэта быў спектакль, а цягам апошняга года паўстаў і фільм. У сустрэчы бралі ўдзел, акрамя аўтараў і рэалізатараў праекта, тыя героі, чые гісторыі ўвайшлі ў “Хронікі”.

Кажа Аліна Ваўранюк:

–     Было важна пры самім праекце, пры праекце “Хронік”, пры працы над спектаклем, каб у гэтых маладых людзях таксама нешта змянілася, уключылася такая лямпачка, каб на час запісаць, успомніць. Таму гэта размова пасля фільма была якраз пра тое, што для маладых людзей гэта ўжо гісторыя, у той жа час старэйшыя ўсё памятаюць.

Дыскусія пасля фільма доўжылася яшчэ некалькі гадзін. Прагучала шмат розных гісторый. Між іншым, была адзначана праца Рамана Васілюка, які займаўся здымкамі. Ён здолеў паказаць прыгажосць і непаўторнасць “адыходзячай вёскі”.

Фільм „Гавораць беларусы Падляшша” даступны на сайце “АБ-БЫ” ды старонцы Нацыянальнага цэнтра культуры.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя

Фота “АБ-БЫ”