У Дзярэчыне плануюць аднавіць Сапегаўскі парк
У мястэчку Дзярэчын Зэльвенскага раёна хочуць аднавіць былы Сапегаўскі парк у цэнтры вёскі. Праект па адраджэнні Спегаўскага парку быў нават падтрыманы ў еўрапейскім конкурсе “TANDEM VI”. І праект Дзярэчынскага сельскага Савета перамог у гэтым еўрапейскім конкурсе з сумай 10 тысяч даляраў. Але ў сувязі з палітычнай сітуацыяй, якая сёння склалася ў Беларусі, Еўрапейская Асацыяцыя мясцовай дэмакратыі прыпыніла фінансаванне гэтага праекту. Тым не менш, праект падтрымалі ў межах Гарадзенскай вобласці ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў.

Вядома ж, гэта будзе далёка не Сапегаўскі парк. Тым не менш, у тым месцы, дзе ён некалі знаходзіўся, плануюць абсталяваць дзіцячую і спартыўную пляцоўкі, сцэну для правядзення мерапрыемстваў, паставяць вулічныя трэнажоры, закладуць сад пладовых дрэў і г.д.

А цяпер давайце заглянем у мінулае Сапегаўскага парку ў Дзярэчыне. Пра яго добра згадаў пісьменнік Міхась Скобла ў сваёй кнізе “Дзярэчынскі дыярыюш” (Менск, 1999). У тым Сапегаўскім парку налічвалася 446 садовых дрэў – 107 груш, 89 яблынь, 85 сліў, 25 чарэшняў, шмат персікаў і абрыкосаў. Былі высаджаны вінаград і абсталяваны чатыры гадавальнікі амаль на 2000 саджанцаў, змураваныя 4 цагляныя аранжарэі. У іх спелі гранаты, апельсіны, ананасы і інжыр. Дзярэчынскі садоўнік нават разводзіў расліны з дзіўнымі назвамі “Божае дрэва” і “Сабачы язык”.Там можна было паласавацца грушамі, белымі бэрамі, бергамотамі, маслаўкамі, памяранцамі. Гасцей частавалі адмысловым гатункам, выведзеным непасрэдна ў Дзярэчыне, які называўся “Сапяжанкі”. У Сапегаўскім парку раслі туліпаны, півоні, ружы, іпамеі, ляўконі і г.д.
Беларускае Радыё Рацыя
