У Дзятлаве адкрылася выстава мастака Івана Козела



У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры 3 ліпеня адкрылася выстава твораў сябра Беларускага саюза мастакоў Івана Козела пад агульнай назвай “Зямля мая – зямля бацькоў”.

На адкрыцці выставы мастака прысутнічалі яго сябры, сваякі і вядома ж землякі. Справа ў тым, што Іван Козел родам з вёскі Нёўда Наваградскага раёна. Але потым яго бацькі пераехалі на Дзятлаўшчыну, дзе будучы мастак скончыў Герніцкую васьмігодку, а потым пасля заканчэння Бабруйскага мастацкага вучылішча і Беларускай Акадэміі мастацтваў працаваў мастаком-афарміцелям аўтабазы № 16 г. Дзятлава. Цяпер мастак жыве ў Менску, але не забывае сваю маленькую радзіму. У Дзятлаве гэта ўжо чацвёртая выстава Івана Козела.

Новая выстава мастака парадавала прысутных жывапіснымі працамі 1995-2017 гадоў, якія прысвечаныя архітэктурным і прыродным ландшафтам Беларусі.

Павіншаваць мастака з адкрыццём персанальнай выставы прыйшлі і прыехалі яго родны брат Юрый Козел, мастакі са Слоніма Яўген і Алег Івановы, дырэктар мясцовага краязнаўчага музея Дзінара Харошка, краязнавец Фёдар Красюк і іншыя. Па словах выступоўцаў, у пейзажах Івана Козела, нацыянальная мастацкая традыцыя настолькі адчувальная, што цяжка пераадолець спакусу  разглядаць яго творчасць “як люстэрка” пейзажнага жывапісу Беларусі…”.

 

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава

Фота аўтара