У Дзятлаве пісалі дыктоўку па творах Адамчыка і Янкоўскага



Тры беларускія дыктоўкі былі напісаны ў Дзятлаве на мінулым тыдні. Дыктоўкі пісаліся ў СШ № 1 і СШ № 3, а таксама ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

У школах дыктоўкі пісалі вучні па творах беларускага пісьменніка Фёдара Янкоўскага, а ў музеі – па апавяданні земляка Вячаслава Адамчыка.

Пасля напісання дыктовак былі вызначаны пераможцы. Без памылак дыктоўкі напісалі школьнікі Наталля Крывулька, Ангеліна Сяменік, Кацярына Залеўская – усе СШ № 1, а таксама Мікіта Кучынскі, Дзяніс Палховіч і Марэк Дзям’янчык з СШ №3.

Гэтыя вучні атрымалі падарункі ад Гарадзенскага Саюза беларускіх пісьменнікаў, якія ўручыў Валянцін Дубатоўка. Сярод дарослых добра беларускія дыктоўкі напісалі дзятлаўчане Кацярына Сарока, Валерый Петрыкевіч, Наталля Ляўкевіч і Лідзія Нічыпар.  

Напісанне дыктовак жыхары Дзятлава прысвяцілі не толькі Міжнароднаму Дню роднай мовы, але і ўсім тым, хто любіць і беражэ родную мову, а таксама сваёй маленькай радзіме.

Для дарослых дыктоўку чытала былая настаўніца роднай мовы Алёна Абрамчык.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава

Фота аўтара