У Дзятлаве ўшанавалі Францыска Скарыну



У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася літаратурна-музычная вечарына “Пачатае Скарынам”, прысвечана Францыску Скарыну і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Да мерапрыемства супрацоўнікі музея падрыхтаваі міні-выстаўку «Помнікі беларускага пісьменства», на якой былі прадстаўлены творы дзятлаўчан – мастака-кераміста Мікалая Несцярэўскага, габелен мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Арсенія Двараніна і яго жонкі Ірыны Данілавай.  З цікавасцю прысутныя пазнаёміліся з матэрыяламі літаратуразнаўца, культуролага, даследчыка, вучонага Вячаслава Чамярыцкага, які родам з Дзятлаўшчыны.

Мерапрыемства сабрала шмат прысутных, у тым ліку і ганаровых гасцей, сярод якіх пісьменнік, даследчык літаратуры, журналіст, краязнаўца, паэт, які напісаў і выдаў шмат кніг, у тым ліку і пра Дзятлаўшчыну, Сяргей Чыгрын, пісьменнік, журналіст, бард Зьміцер Бартосік, краязнаўца, былы дырэктар музея, аўтар кнігі “Зецела” Федар Красюк, краязнаўца, сын стваральніка і першага дырэктара музея ў Дзятлаве Валерый Петрыкевіч.

Удзельнікі мерапрыемства паглядзелі відэаролік “500 гадоў гісторыі беларускага кнігадрукавання”. Сяргей Чыгрын распавёў пра Ігната Дварчаніна, які некалі абараніў доктарскую дысертацыю “Францыск Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве”. Пра беларускае кнігадрукаванне і адносіны да роднай мовы разважалі Фёдар Красюк і Валерый Петрыкевіч. А Зьміцер Бартосік упрыгожыў вечарыну песнямі і жартамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава