У Дзятлаве ўшанавалі паэта Віктара Шымука



У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы адбылася вечарына, прысвечаная памяці паэта Віктара Шымука (1933-1998), які быў родам з Дзятлаўшчыны і якому 2 красавіка споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння. Мерапрыества памяці Віктара Шымука арганізавалі супрацоўнікі бібліятэкі.

У гэты дзень у бібліятэцы гучалі вершы і песні на вершы паэта-земляка. Цудоўна выканалі музычныя творы Ганна Харлінская з мясцовага РДК і вучаніцаца Гезгалаўскай школы Ксенія Шыкуць. Дзяўчынка праспявала песню на словы паэта.

Прысутным было цікава паслухаць вуступленні Алены Абрамчык – супрацоўніцы Дзятлаўскага музея і грамадскага актывіста Валерыя Петрыкевіча. Спадарыня Алена прачытала вершы, прысвечаныя Віктару Шымуку, а спадар Валерый прапанаваў на будынку рэдакцыі раённай газеты “Перамога” устанавіць мемарыяльную шыльду, прысвечаную дзятлаўскаму паэту. “Справа ў тым, – сказаў Валерый Петрыкевіч, – што ў 1949-1951 гадах Віктар Шымук працаваў адказным сакратаром Дзятлаўскай раённай газеты, якая тады называлася “За новую вёску”. Гэта быў няпросты час, але юнак працаваў шчыра і ў 1951 годзе паступіў на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Ён ніколі не забываў роднай Дзятлаўшчыны, шмат друкаваўся на старонках раёнкі”.

Ідэю Валерыя Петрыкевіча падтрымалі ўсе прысутныя. Дарэчы, да вечарыны памяці Віктара Шымука была арганізавана выстава яго кніг і асобных твораў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава

Фота аўтара