У Францыі адкрываецца 71-ы Канскі кінафестываль
Міжнародны Канскі фестываль адкрываецца 8 траўня ў Францыі. У гэтым годзе ён стане 71-м па ліку, паведамляюць інфармагенцтвы.
Першым фільмам, прадстаўленым на фестывалі, будзе карціна іранскага рэжысёра Асгара Фархадзі „Усе гэта ведаюць” з Пенелопай Крус і Хаўерам Бардэмам.
Усяго за галоўную ўзнагароду фестывалю – Залатую пальмавую галіну – сёлета будуць змагацца больш за 20 фільмаў. Журы ўзначаліць аўстралійская актрыса Кейт Бланшэт.
Адбудуцца таксама пазаконкурсныя паказы. У прыватнасці, будуць прадэманстраваны фільмы „Хан Сола: Зорныя войны. Гісторыі” рэжысёра Рона Говарда і „Дом, які пабудаваў Джэк” Ларса фон Трыера.
Канскі фестываль з’яўляецца адным са старэйшых (праводзіцца з 1946 года) і самых прэстыжных кінафестываляў у свеце. Штогод ён адкрываецца ў траўні ў французскім курортным горадзе Каны.
