У Гародні адбылася арт-акцыя «З верай у жыццё і людзей»



Музыкі і святары, вядомыя акторы і дактары намалявалі 15 карцінаў пад час акцыі «З верай у жыццё і людзей». Мерапрыемства было прысвечана ранняй дыягностыцы анкалагічных захворванняў і ладзілася Гарадзенскім дзіцячым хоспісам разам з Другой гарадской дзіцячай паліклінікай ў цэнтры Гародні – у Музеі гісторыі рэлігіі.

Пра акцыю распавядае дырэктарка гарадзенскай выставачнай залі Ірына Сільвановіч:

– І калі нам патэлефанавалі і прапанавалі паўдзельнічаць у такой акцыі разам з другімі людзьмі, вядомымі ў нашым горадзе, то вельмі прыемна было іх тут сустрэць. Дзякуй Піцько Генадзю, які зрабіў падрамнікі. Тут вельмі цудоўная атмасфера. Тут людзі, некаторыя з якіх першы раз трымаюць пендзаль у руках.

Па словах Вольгі Шульгі, дырэктаркі “Гарадзенскага дзіцячага хоспіса”, намалёваныя творы будуць цікавыя розным людзям.

– Намалявана каля 15 карцін, з такім мэсыджам, што анкалогія – гэта не прысуд. Анкалогію лягчэй прадухіліць, чым яе затым лекаваць. Мы думаем, гэта будзе доўжыцца на працягу паўгады, ў розных кропках горада мы будзем дэманстраваць гэтыя карціны.

Ужо 15 лютага ў гандлёвым цэнтры OldCity адбудзецца першая выстава гэтага праекту.

Беларускае Радыё Рацыя