У Гародні адбыўся канцэрт Віктара Шалкевіча



Двухгадзінны канцэрт барда Віктара Шалкевіча адбыўся ў „Цэнтры гарадскога жыцця” ў Гародні.

Гучалі як старыя, так і новыя песьні з альбома „Такая доўгая зіма”. Кажуць слухачы:

– У яго песнях, вершах адбіта ўся наша гістарычная частка – пазнаем Каложу і сінагогу.

– Не столькі песні, колькі сам чалавек Віця Шалкевіч, які мае пэўны багаж аптымізму, сарказму і іроніі над гэтым жыццём.

– Цікавы чалавек, актор, шоўмэн, аптыміст, спявак. Памятаю, як ягоныя песні я пачуў яшчэ ў юнацтве першы раз. Яны былі для мяне такія розныя, неадназначныя, некаторыя сур’ёзныя, рамантычныя, некаторыя такія на мяжы.

Сам спявак вельмі ўсцешаны канцэртам:

– Гарадзенцы мяне слухалі перадусім – гэта самае важнае. Тут жа не ішло пра тое, каб там неяк зноў абудзіць нацыянальныя пачуцці, заклікаць да народнага гневу. Канцэрт быў пра досвед, пра 60 гадоў, якія ёсць, пра тое, што бачыў, што я назіраю едучы ў маршрутцы, практычна пра ўсе свае ўражанні.

Выступ быў прысвечаны выхаду новага альбома спевака, а таксама яго 60-гадоваму юбілею. Паслухаць Віктара Шалкевіча прыйшло больш за 100 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня