У Гародні адбыўся лікбез па сучасным мастацтве



У гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця адбылася лекцыя мастачкі і педагога Вікторыі Ільіной пра сучаснае мастацтва. Сустрэча была прысвечана Пабла Пікаса і мела назву „Пабла Пікаса: ад дзяўчат авіньёнскіх 1907 года да гарадзенскіх 2017”.

Чым адметныя такія сустрэчы і чаму менавіта Пікаса, кажа Вікторыя Ільіна:

– Мастацва развівалася, развівалася, а потым у адзін час як бы вісела ў паветры, што трэба нешта мяняць. І таму з’явіліся вось такія выдатныя асобы, якія гэта зрабілі. І сярод іх Пабла Пікаса – самы з іх знакаміты. З яго авіньёнскіх дзяўчат усё пачалося. А потым быў квадрат Малевіча. Кандзінскі. І далей. На жаль, у нас шмат хто да іх ставіцца з агрэсіяй нават праз 100 гадоў, маўляў, гэта былі шарлатаны, яны нічога не ўмелі, нешта выдурняліся, а людзі за гэта плоцяць шалёныя грошы. На Захадзе людзі таксама гэта не разумеюць, але ёсць павага да мастакоў.

На думку  гарадзенскага майстра пэндзля Кацярыны Забелінай, такія сустрэчы вельмі патрэбныя гарадзенцам.

– Вельмі актуальная праблема ў сучасны момант, таму што мы ўсе ведаем, што існуе сучаснае мастацтва, але, на жаль, большасць у ім нічога не цяміць. Калі раней мы глядзелі на карціны як на фотаздымкі і разумелі, што адбываецца. То цяпер мы глядзім на мастацтва і разумеем, што яно нейкае далёкае, незразумелае для многіх. Такія лекцыі дапамагаюць крыху заглыбіцца ў гісторыю мастацтва, пазнаёміцца з падзеямі, якія адбываліся ў той час. І зразумець, чаму мастакі малявалі такія сюжэты і чаму выкарыстоўвалі такія выяўленчыя сродкі. 

Наступная лекцыя Вікторыі Ільіной  ці “Размовы пра сучаснае мастацтва” ў Цэнтры гарадскога жыцця адбудзецца 20 верасня. Пра каго будзе распавядаць спадарыня Ільіна наступным разам арганізатары сустрэчы пакуль трымаюць ў сакрэце. 

Беларускае Радыё Рацыя