У Гародні адкрылася “Моваведа”



Каля 30 чалавек наведалі першыя заняткі па беларускай мове “Моваведа”. У Менску яны існуюць з 2008 года.  Гэта другія грамадскія моўныя курсы пасля “Мовы Нанова”, якія распаўсюджваюцца на Гародню.  На адкрыццё праграмы курсаў прыехаў яе аўтар Аляксей Шэін з Менска.

Галоўная адметнасць курсаў у тым, што яны разлічаныя на чалавека, які зусім не гаворыць па-беларуску, кажа Аляксей Шэін:

– Курсы разлічаныя на расейскамоўных ці тых, хто слаба валодае беларускай мовай. У нас нязмушанае вывучэнне беларускай мовы ў вольнай атмасферы з мінімумам граматыкі, мінімумам сінтаксісу. Бяруцца базавыя словы. Будзем працаваць з такой групай, якая набярэцца.

Як паказала апытанне ўдзельнікаў новых курсаў, для большасці іх наведванне неабходна дзеля беларускамоўнага асяроддзя. Першыя заняткі былі прысвечаныя словам прывітання, развітання, падзякі ды просьбам.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара