У Гародні адкрылася выстава альтэрнатыўнага мастацтва



vystavaВыстава гарадзенскіх аўтараў Яўгена Рамашова і Эміля Зянько,  што адкрылася ў гарадзенскай арт-галерэі “Крыга”, сабрала больш за сотню прысутных гарадзенцаў. Выставу сучасных працаў, што носіць назву “Абсанс”, можна было ўбачыць не толькі ў сценах самой галерэі, але і здзіўляцца вобразамі інсталяцый, якія паказваліся праз праэктары ва ўнутраным дворыку галерэі. Пра свае працы і назву выставы распавядае Яўген Рамашоў:

–    Абсанс – гэта медыцынскі тэрмін захворвання галаўнога мозга ў той момант, калі чалавек “заліпае” ў штосьці. Напрыклад, на прыродзе хтосьці сядзіць, глядзіць у адну кропку і – “заліп”. У гэты момант ён улятае ў нейкія свае прасторы, космас, дзесьці далёка. Гэта такі бясконцы палёт думак. І мы вырашылі зрабіць  так, каб праз прызму гэтага медыцынскага тэрміна паказаць на выставе працы, каб людзі пахадзілі і падумалі.

Паказ прац і інсталяцый пачаўся а дзясятай гадзіне вечара і скончыўся позна ўночы, і гарадзенская публіка яшчэ доўга не хацела разыходзіцца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Савелія Малчанава