У Гародні адкрылі Культурны цэнтр „Фестывальны”



У Гародні падчас правядзення фестывалю нацыянальных культур, які праходзіць ужо дванаццаты раз і стаў традыцыяй, адкрыты Культурны цэнтр „Фестывальны”. 

У цэнтры ёсць выставачная зала і музей гісторыі архітэктуры Гародні. Цяпер гэты аб’ект культуры, які знаходзіцца ў гістарычным цэнтры, стаў часткай плошчаў Выставачнай залі саюза мастакоў, якая месціцца на вуліцы Элізы Ажэшкі. Кажа дырэктар установы Ірына Сільвановіч:

– Мы зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць гістарычную каштоўнасць і ўпрыгожылі яго. Я ўпэўнена, што ўсё атрымалася. Той, хто быў тут раней, бачаць вынік і кажуць, што вельмі хутка. Літаральна за чатыры месяцы мы зрабілі цуд. Дзверы адчынены для ўсіх, у нас зроблена экспазіцыя прысвечаная фестывалю нацыянальных культур. Адна зала прысвечана гісторыі фестываля, другая зал прысвечана дыяспарам, трэцяя – “Беларускі падворак”, ювелірная лаўка, ёсць карцінная галерэя і выставачная зала.

На першым паверсе культурнага цэнтра знаходзіцца музей, які прадстаўляе забудову Старой Гародні ў макетах. Кароткая экскурсія па старой забудове Гародні будзе суправаджацца на чатырох мовах. Кажа стваральнік экспазіцыі Ігар Лапеха:

– Захацелася цалкам зрабіць нейкі ансамбль, каб зразумець усё хараство, усе планіровачныя выгоды Гародні. Толькі зараз, калі я скончыў макет, то кайфую, бо вуліца, напрыклад, Маставая зайграла. Ні на якіх фотаздымках немажліва ацаніць пад’ём з маста на рынак. Я ў захапленні, бо тое, што хацеў, здзейснілася.  

Культурны цэнтр будзе працаваць рэгулярна. Ён гатовы прымаць экспанаты ад усіх нацыянальных дэлегацый фэсту для папаўнення экспазіцыі. Што да далейшай працы, то плануецца, што частка яго будзе даступная для турыстаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня