У Гародні адзначылі 125 гадоў Максіма Багдановіча



Літаратурна-мастацкая вечарына памяці беларускага класіка прайшла ў залі Свята-Пакроўскага сабора ў рамках клуба праваслаўнай размовы. У вечарыне прыняла ўдзел стваральніца гарадзенскага музея Макіма Багдановіча Данута Бічэль, літаратары Міхась Скобла, Анатоль Брусевіч, спявачка Таццяна Грыневіч, святары Павел Каспяровіч, Георгі Рой, Уладзімір Пятручык.

Літаратарка Данута Бічэль згадала ўдзельнікам вечарыны пра свой шлях у стварэнні музея  Багдановіча ў Гародні.

– Багдановіч быў мною асвоены, палюблены і прытулены. І ён мяне прытуліў. Якая я шчаслівая, што мне давялося гэта рабіць, што мне даручылі гэтую працу. Сапраўды, гэта была светлая праца. І такія добрыя людзі сабраліся збіраць спадчыну Максіма Багдановіча ў Менску ды ўсёй Беларусі. І пасля як паехалі людзі са свету да нас. Яны шукалі Беларусь і прыходзілі да Максіма.

Імпрэза прайшла па ініцыятыве клуба праваслаўнай размовы, кажа настаяцель Свята-Пакроўскага праваслаўнага сабора Гародні айцец Георгі Рой.

– Клуб праваслаўнай размовы – гэта такая пляцоўка, дзе мы абмяркоўваем розныя тэмы. Гэта і тэмы царкоўнага жыцця, і багаслоўскія тэмы, але і тэмы літаратуры, культуры, мастацтва, грамадскага жыцця. Бо жыццё хрысціяніна не вымяраецца толькі рафінаванымі рэлігійнымі пытаннямі. Мы жывём у гэтым свеце, таму нам трэба гэта абмяркоўваць.

У час вечарыны з дакладам пра творчасць Максіма Багдановіча як інтэрпрэтатара выступіў літаратуразнаўца і паэт Анатоль Брусевіч. На імпрэзе быў аншлаг, а гарадзенцы мелі магчымасць пазнаёміцца і набыць творы беларускіх аўтараў: Дануты Бічэль, Міхася Скоблы, Алеся Чобата ды Зоські Верас.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота і відэа аўтара