У Гародні адзначылі Сусветны дзень паэзіі



Дзень паэзіі адзначылі ў Гародні чытаннем вершаў у бібліятэцы імя Андрэя Макаёнка. Гэтае мерапрыемства было супольным праектам гарадзенскага Свята-Пакроўскага сабору і мясцовай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Пра свята распавядае паэт Анатоль Брусевіч:

– Для мяне гэта добрая нагода згадаць паэтаў-сяброў, якія з намі, якія адыйшлі ў лепшы свет, згадаць класікаў айчыннай літаратуры, класікаў сусветнага вербальнага мастацтва. І ўвогуле нагода спаткацца з сябрамі, з сябрамі-паэтамі. І такое спатканне адбылося ў бібліятэцы перад добрымі слухачамі, перад студэнтамі. Пачыталі свае вершы, прэзентавалі некалькі добрых выданняў. Гэта чарговы альманах “Новы замак”, які выдае Саюз беларускіх пісьменнікаў, яго гарадзенскае аддзяленне. І прэзентавалі кнігу “Каложскі дабравест”.

На думку старшыні гарадзенскай філіі Саюза Беларускіх пісьменнікаў Валянціна Дубатоўкі, такія сустрэчы ўжо сталі добрай традыцыяй.

– Гэта не першы наш праект з Пакроўскім саборам. Ужо з дясятак мы правялі такіх сустрэч. Якія адбываліся і ў раёнах – Зэльве, Слоніме, Бераставіцы – і вось у Гародні. Справа ў тым, што сённяшняя моладзь практычна не цікавіцца ні літаратурай, ні тым, што адбываецца, скажам, у паэзіі, у прозе. Зараз гэта мала каго цікавіць. І такія сустрэчы вельмі важныя. Моладзь даведваецца, што ў нас нас Гарадзеншчыне ствараецца нешта значнае, што гэта вартая літаратура, вартыя творы.

Асноўнымі слухачамі на свяце паэзіі былі студэнты Купалаўскага ўніверсітэта, а таксама бібліятэкары, што працуюць у розных бібліятэках гораду.

Беларускае Радыё Рацыя