У Гародні – апошні дзень XIV фестывалю “Каложскі Благавест”



Завяршаецца фестываль праваслаўных песнапенняў „Каложскі благавест” у Гародні, які доўжыўся амаль тыдзень. Фестываль суправаджалі паказы фільмаў, выстава іконаў, прэзентацыі ўнікальнай і папулярнай кнігі-альбома мастацтвазнаўцы Алены Шацько „Званы праваслаўных храмаў Заходняй Беларусі”.

Расказвае дырэктар фестывалю Уладзімір Лябецкі:

– На сённяшні дзень мы ўжо маем, дзякуй Богу, удзел у нашым фестывалі хораў з Польшчы, Літвы, Расеі, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Францыі, Грэцыі, Арменіі, Румыніі, Сербіі. Чым менавіта гэты фестываль можна адзначыць, тым, што ў ім упершыню таксама прымаюць удзел дзве новыя краіны, якія пашыраюць нашую геаграфічную прастору, гэта – Малдова, і ансамбль з невялічкага сяла з Грузіі.

Першы фестываль „Каложскі благавест” адбыўся у 2002 годзе, ён быў прымеркаваны да дзесяцігоддзя адраджэння Гарадзенскай епархіі. У 2011 годзе Міністэрства культуры прысвоіла фестывалю статус міжнароднага. Яго арганізатары – гэта Гарадзенская праваслаўная епархія і абласны выканаўчы камітэт. Завершыцца мерапрыемства гала-канцэртам у Драматычным тэатры.

Беларускае Радыё Рацыя