У Гародні мастакі спрачаліся пра сучаснае і актуальнае мастацтва



21 лютага  ў гарадзенскім антыкафэ “Жывы час” мастакі зладзілі круглы стол, каб паразмаўляць пра сучаснае і актуальнае мастацтва. На імпрэзу прыйшлі гарадзенскія мастакі розных кірункаў  – Сяргей Грыневіч, Уладзімір Качан і Юры Якавенка.

Як прызналіся мастакі, паміж сабой яны нячаста абмяркоўваюць працоўныя праблемы, таму круглы стол стаў добрай нагодай выказаць свае погляды на мастацтва.

Міжнародная праблема сучаснага мастацтва, з якой пачалі мастакі, – праблема аўдыторыі. Калі дакладней, мастакам незразумела, на якое сацыяльнае асяроддзе накіравана іх творчасць і якія пытанні павінна задаваць. Мысленне людзей зрабілася “кліпавым”, вобразным, і часам мастакі не ведаюць, як прывабіць гледачоў. Праблема Беларусі яшчэ і ў тым, што яна адстае ад свету: “У той час, як ва ўсім свеце “Чорны квадрат” прызналі класікай, у нас яшчэ спрачаюцца, ці патрэбен ён”. Калі браць маштабы горада, мастакі зазначылі, што Гародня – горад хутчэй кансерватыўны, хоць і знаходзіцца ля мяжы з Захадам. “У Гародні столькі сцен, на якія можна напраўляць пражэктары, каб там не віселі звычайныя білборды! Няхай нават гэта будзе не вельмі якасна, але ўжо цікава”.

У нас і надалей любое мастацтва разглядаюць з ужытковых, “мяшчанскіх” пазіцый, “каб яго можна было ўзяць у рамку ці купіць-прадаць”. А не заўсёды мастацтва можна нават пабачыць. Сяргей Грыневіч узгадаў, што сёлета Оскар у галіне сучаснага мастацтва атрымала Марта Абрамовіч з запісаным у глыбінах акіяна гукавым шэрагам. Гэта азначае, што выяўленчае мастацтва як такое знікла. І нельга растлумачыць, дзе заканчваецца выяўленчае мастацтва і пачынаецца музыка. Але нягледзячы на апошнія тэндэнцыі, у Беларусі яшчэ ёсць і музеі, і Акацэмія выяўленчага мастацтва.

Успомніла мадэратар мастацкую акцыю Пятра Паўленскага ў 2013 годзе, калі ён на Чырвонай плошчы ў Маскве прыбіў палавыя органы да бруку. Думкі гарадзенскіх мастакоў наконт Паўленскага разышліся: Якавенка і Качан не палічылі такія акцыі мастацтвам. Грыневіч падтрымаў апошнюю акцыю мастака супраць карнай псіхіятрыі, на якой Паўленскі адрэзаў сабе мочку вуха. Мастакі шмат размаўлялі на тэму перформансаў. Пяць хвілін славы ці вечнасць? З-за адсутнасці імправізацыі актуальнасць страчаецца, а часам мастацтва актуальна менавіта тыя ў тыя 5 хвілін.

У той жа час Якавенка сцвярджаў, што можна ствараць актуальнае мастацтва ў традыцыйным выкананні. У якасці прыклада ён прывёў дзве працы калегі Грыневіча. Адна з карцін паказвае аголеную  жанчыну з аўтаматам Калашнікава. “Можна прыбраць аўтамат і ўявіць, што гэта амазонка, але можна уявіць, што гэта 60-я”. На другой размешчаны воз з бульбай і надпісам “На Маскву”. “Можна напісаць і “На Берлін”, і гэта будзе актуальна. Таму што формы вечныя, рознае толькі напаўненне”.

Рэаліі нашай краіны такія, што, каб спакойна працаваць, лепш не закранаць вострых сацыяльна-палітычных тэмаў. Але ж менавіта такое мастацтва будзе актуальным. Мастак павінен пазбягаць самацэнзуры і заўсёды знаходзіцца ў апазіцыі да ўлады, “нават калі прыйдуць нашы”. Як зазначыў Юры Якавенка, мастак можа ўсё жыцце быць нонканфармістам, тым не менш, “пад старасць давядзецца задумацца пра камфорт і захочацца працы ў музеі і прыватных заказаў”.

Ці варта мець класічную адукацыю? Сяргей Грыневіч прыводзіць наступныя аргументы на карысць прафесійнай адукацыі: “У мастака пашыраецца інструментарый. На яго ўплывае прафесійнае асяроддзе, калегі, з якімі ён мае зносіны”. Мастакі прызналіся, што ў недахопе маладых у жывапісе можа быць і іх віна, бо падрыхтаваць глебу для наступнага пакалення – задача папярэдняга.

Закранулі мастакі і тэму грантаў. Як сказалі яны, справа мастака –  ствараць, а не думаць пра фінансаванне. А атрымаўшы грант, галоўнае – не страціць натхнення і паказваць прадуктыўнасць праз выстаўкі і праекты.

Ці дазваляе дзяржава развівацца сучаснаму мастацтву? Мастакі пажартавалі, што хацелі б атрымліваць столькі ж увагі, колькі лядовыя палацы. Але гэта стане магчыма толькі тады, калі мастацтва, а не спорт, стане іміджастваральным для краін. “Нашу Домрачаву ведае ўвесь свет. Але пры агрэсіўнай рэкламе Гарадзенскі тэатр лялек таксама атрымаў бы вядомасць на ўвесь свет”.

Пасля гарадзенцы праглядзелі відэа з выказваннямі менскіх мастакоў і прыйшлі да высновы, што сітуацыя з сучасным мастацтвам аднолькавая па ўсёй краіне. Мадэратар запрасіла ўсіх наведаць падсумоўваючы круглы стол у Менску 17 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня