У Гародні – “Паштоўкі з мястэчак” Алеся Сурава



Выстава знакамітага мастака Алеся Сурава адчынілася ў гарадзенскай харальнай сінагозе. Экспазіцыя мае назву “Паштоўкі з мястэчак” і распавядае пра жыццё ў беларускіх мястэчках да пачатку Другой сусветнай вайны.

На думку аўтара Алеся Сурава, лёс гэтай экспазіцыі няпросты, і ён меў праблемы, каб прадставіць яе гарадзенцам:

– Я хадзіў з прапановай гэтай выставы і ў Музей гісторыі рэлігіі, і ў розныя галерэі. Хацеў выставіць у “Крызе”, яе зламалі. І тут надарылася размова з прадстаўнікамі габрэйскага грамадства. Я прапанаваў зрабіць у гэты сумны юбілей маю светлую выставу – успамін пра былыя часы. Пра тое, як мы суіснавалі разам.

Мастак спадзяецца, што ён у сваіх творах на гэтай экспазіцыі паказаў тую краіну, якой зараз нідзе няма:

– З пачатку часоў, з часоў Вялікага княства была краіна. І вось пасля Другой сусветнай вайны мы страцілі нейкую адметнасць. Фактычна мы выхалашчаныя. Адбыўся Халакост не толькі ў габрэйскага народа. Ён адбыўся ва ўсёй Беларусі. Мне здаецца, што вынішчылі душу.

Цягам бліжэйшых некалькіх тыдняў гарадзенцы і госці горада,  што завітаюць у харальную сінагогу ў цэнтры Гародні, змогуць паглядзіць творы Алеся Сурава,  зробленыя ў адметнай для мастака манеры,  дзе на намаляваных працах магчыма таксама пабачыць і сапраўдныя старыя рэчы пачатку ХХ стагоддзя.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня