У Гародні прайшла імпрэза, прысвечаная Яўгену Петрашэвічу



У Гародні прайшла імпрэза, прысвечаная песняру гарадзенскай зямлі Яўгену Петрашэвічу, які летась памёр на 87-м годзе жыцця. У залі абласной бібліятэкі быў аншлаг. Ад моладзі, да старэйшых людзей, якія разам працавалі, сябравалі і стваралі беларускі мастацкі свет, якому Яўген Петрашэвіч прысвяціў сваё жыцьцё.

Якім запомніўся Яўген Петрашэвіч, кажа прафесар Аляксей Пяткевіч:

Ён быў працаўніком музычнай нівы. Прычым працаўніком, які мала гаварыў, але вельмі многа рабіў. Абсяг ягонай культурнай дзейнасці на музычнай пляцоўцы быў вельмі шырокі, ён працаваў у самых розных жанрах, ён напісаў некалькі соцень песень. Прычым на тэксты пераважна мясцовых паэтаў. Гэта таксама многа значыць.

Яўген Петрашэвіч актыўна супрацоўнічаў з многімі гарадзенскімі інструментальнымі і харавымі калектывамі, пісаў вершы, карбаваў камень, і выразаў дрэва. Шмат твораў яго маюць характар грамадзянскай лірыкі, глыбока патрыятычнай. Кажа Марк Коп, у мінулым дырэктар абласнога метадычнага цэнтра:

Я дагэтуль рады таму, што мы з дачкой у 2010 годзе выдалі вялікі ягоны зборнік «Беларускі вясёлкавы край», куды змясцілі найлепшыя ягоныя творы. Ягоны ўнёсак бясцэнны і тым, што ён падрыхтаваў вялікую колькасць удзельнікаў мастацкай самадзейнасці ў прафесійных музыкантаў, кампазітараў. Да прыкладу Леанід Захлеўны і Віктар Войцік — гэта вядучыя і дагэтуль кампазітары нашай Беларусі.

Цёплымі словамі згадваюць Яўгена Петрашэвіча ягоныя ўдзельнікі народнага калектыву «Гарадзенскія Дударыкі», дзе маэстра праявіў сябе не толькі як выдатны кіраўнік калектыву, але таксама як і руплівы педагог.

Падчас імпрэзы фонды абласной бібліятэкі папоўніліся нотамі з творчай спадчыны Яўгена Петрашэвіча ад удзельнікаў, якія перадалі каштоўныя матэрыялы ў дар.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя