У Гародні прайшла сустрэча з Анатолем Астапенкам



Апошнім лістападаўскім вечарам у Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця прайшла сустрэча з ведамым навукоўцам, ідэолагам нацыянальнага руху, літаратарам з Менску Анатолем Астапенкам.

Анатоль Астапенка як літаратар ведамы таксама пад творчым псеўданімам Антон Кулон. Менавіта пад ім была выдана кніжка „Сіняя кніга беларускага алкаголіка” – мастацка-дакументальны твор, які не мае аналагаў у нашай літаратуры.

Анатоль Астапенка прадставіў гарадзенцам новае, дапоўненае выданне сваёй кнігі – „Сіняя кніга беларускага алкаголіка плюс”, а таксама блізкую па сэнсе, перакладзеную на расейскую мову кнігу „Между миром тем и этим”.

Аўтар расказаў пра няпростыя калізіі свайго лёсу і асабістага, у выніку пераможнага, змагання з алкагалізмам, пасля чаго адбылася цікавая філасофская дыскусія.

На сустрэчу прыйшлі гарадзенскія літаратары і сябры Анатоля Астапенка па партыі БСДГ (Грамада).

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя