У Гародні прэзентавалі кнігі па канфесійнай гісторыі



Канфесійная гісторыя Беларусі ўзбагацілася новымі кнігамі аўтараў з Гарадзеншчыны: Эдмунда Ярмусіка і Леаніда Лаўрэша. У гарадзенскай бібліятэцы імя Карскага прайшла прэзэнтацыя плёну іх працы.

Эдмунд Ярмусік, прафесар Гарадзенскага ўніверсітэту, напісаў навучальны  дапаможнік для студэнтаў. Кажа аўтар:

– Я пастараўся, наколькі гэта дазваляў ракурс гэтага выдання, прасачыць паўнавартасную канфесійную гісторыю на тэрыторыі нашай краіны, пачынаючы яшчэ з язычніцкіх часоў і заканчваючы сённяшняй сітуацыяй. Краіна наша поліканфесійная, тут назіраецца перасячэнне розных культур. У розныя гістрычныя перыяды аддавалася перавага, у залежнасці ад дзяржаўнай палітыкі, той ці іншай канфесіі.

Другі аўтар, Леанід Лаўрэш, – вядомы на Гарадзеншчыне краязнаўца, стваральнік інтэрнэт-сайта Pawet.net. Яго кніга „Маламажэйкаўская царква” – пакуль унікальная з’ява ў вывучэньні гісторыі храмаў Беларусі. На думку Леаніда, лёс царквы адлюстроўвае шматканфесійны характар нашага мінулага.

– Уласна, царква была адзіная, не было такога рэзкага пераходу паміж уніяй і праваслаўем. Гэта ўсё легенды. Натуральным шляхам яна стала ўніяцкай царквой, грэка-каталіцкай царквой. Там было сваё жыццё, свае праблемы, свае дасягненні. Потым яна стала ўжо расейскай праваслаўнай царквой.  Быў такі святар Леў Савіцкі, найцікавейшая асоба, ён імкнуўся абгрунтаваць, што царква была пабудавана ў 15 стагоддзі. Галоўны міф, які ён запусціў. Нават у пачатку 20 стагоддзя ўжо святкавалі 500-годдзе царквы. А яно вось толькі што прайшло.

Як заўважыла на імпрэзе прафесар Сьвятлана Марозава, Гародня мае глыбокія карані ў вывучэньні канфесійнай гісторыі, з самага пачатку існаваньня Купалаўскага ўніверсітэта. І гэтыя кнігі – таму пацьверджаньне.

На прэзентацыі былі ня толькі гісторыкі са стажам, але й студэнты. Прэзентаваныя выданьні ўжо можна набыць у кнігарнях Гародні.

 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара