У Гародні прэзентавалі кнігу ўспамінаў гарадзенцаў



„Зусім іншы горад. Гродна і гродзенцы ў вусных успамінах” – так называецца друкаваная праца пра гісторыю, якую перажылі жыхары абласнога цэнтра ў міжваенныя часы, а таксама часы ліхалеццяў.

Аўтарамі гэтага выдання было 23 чалавекі, розных нацыянальнасцяў. Увазе чытачоў прадстаўляюцца лёсы, перажыванні і радасці гэтых гарадзенцаў.

Кажа адна з укладальніц кнігі Таццяна Касатая:

– Кожны расповед – ён сам па сабе каштоўны і ўтрымлівае вельмі шмат цікавых момантаў з асабістага жыцця і, канешне, гарадскога жыцця. Мяне вельмі ўразіла постаць Кацярыны Марцінчык, жонкі Мікалая Марцінчыка, адно з заснавальнікаў Таварыства Беларускай Школы, грамадска-палітычнага дзеяча. Яна мяне ўразіла сваім настроем, сваёй пазіцыяй, як культурнай, так і грамадскай асобы. З ёй заўсёды было вельмі прыемна сустракацца.

Каб з’явілася гэтая кніга, давялося прайсці збіральнікам успамінаў доўгі шлях. Некаторыя надрукаваныя тут успаміны былі запісаныя амаль дваццаць гадоў таму, і значная частка рэспандэнтаў ужо не з намі.

Кажа гісторык, укладальнік кнігі Андрэй Вашкевіч:

– Калісьці мы пачыналі запісваць успаміны жыхароў ваколіц Гародні. Я і мой сябар Дзіма Люцік, Янка Лялевіч. Ужо ў сярэдзіне 2000-х мы пачалі збіраць успаміны тых жыхароў, што жылі ў дамах, якія хутка павінны знесці. Хацелася сабраць успаміны людзей пра тыя мясцовасці, якія хутка знікнуць з карты Гародні. І толькі дзесьці у годзе 2012-ым мы ўжо з Таняй Касатай, калі яна працавала ў архіве вуснай гісторыі, падумалі, а чаму б нам усе гэтыя ўспаміны не сабраць пад адной вокладкай.

Падчас прэзентацыі ўкладальнікі прадаставілі гараденцам магчымасць пачуць запіс жывога голасу аўтараў кнігі.

Вокладка выдання падрыхтаваная мастаком Наталляй Клімовіч.

[Not a valid template]Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота і відэа аўтара