У Гародні прэзентавалі новую кнігу Валянціна Дубатоўкі



Які ён сапраўдны лёс беларуса? Гарадзенскі літаратар Валянцін Дубатоўка ў сваёй найноўшай кнізе „Чужы” паказвае праўду без аздобаў. Прэзентацыя зборніка прайшла ў зале Свята-Пакроўскага праваслаўнага сабора. На культурную падзею прыехалі госці – сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Гарадзеншчыны і Менску. Аўтар у сваім цэнтральным творы, аповесці „Чужы”, звярнуўся да драматычных падзеяў 30-х-50-х гадоў мінулага стагоддзя.

Кажа Валянцін Дубатоўка:

– Вайна, якую нам прадстаўлялі савецкія ўлады, вайна, дзе ўсе перамагаюць і толькі радуюцца поспехам, выйграным бітвам, такой вайны не было. Беларускі народ памятае вайну, дзе гінуць беларускія людзі, гэта ўспрыманне вайны як вялікага, неаб’ятнага гора. Калі гавораць, што вайна для Беларусі таксама пераможная, дык на мой роздум, на маю думку яна ўяўляецца зусім іншай. Гэта калі людзі кожны раз шукаюць як выжыць.

Выступіць на імпрэзе змаглі музыкі і калегі па літаратуры. Некаторыя з выступоўцаў падзякавалі Валянціну, што адкрывае падзеі сапраўднай гісторыі, тых лёсаў, якія не былі ў савецкіх кніжках, калі ахвярамі і забойцамі аказываліся людзі аднае зямлі – нашай Беларусі.

Паэт Анатоль Брусевіч кажа пра кнігу Дубатоўкі:

– Я думаю, што ў Валянціна Дубатоўкі не толькі тэма вайны, гэта надта шырока. Больш, відаць, узаемастасункаў чалавечых. Вайна – гэта толькі нейкі фон, на якім адбываюцца падзеі. Вайна ужо як бы мінула, а героі дзейнічаюць у паслеваенным часе. І “Чужы” – гэта нейкі сімвал, гэта матыў, які распаўсюджаны не толькі ў беларускай літаратуры, але і ў сусветнай літаратуры.

Напісанню кнігі папярэднічала доўгая палявая праца Валянціна Дубатоўкі, як даследчыка вуснай гісторыі беларускіх вёсак. Многія персанажы маюць рэальных прататыпаў. Прафесар Аляксей Пяткевіч, які быў адным з рэдактараў твора „Чужы”, сказаў, што па структуры яго варта ўважаць за раман.

Выйшла кніга дзякуючы выдавецтву „Кнігазбор”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота і відэа аўтара.