У Гародні прэзентавалі ўнікальнае даследаванне Аляксандра Радзюка



У Цэнтры гарадскога жыцця адбылася прэзентацыя кнігі гарадзенскага даследчыка Аляксандра Радзюка «Пад скіпетрам Расейскай імперыі».

Кандыдат гістарычных навук Аляксандр Радзюк у сваёй кнізе распавядае пра даследаванне жорсткіх рэпрэсіяў, якія мелі месца за часамі Расейскай імперыі ў 18-ым – першай палове 19-га стагоддзя.

Кажа Аляксандр Радзюк:

– Гэта навуковае даследаванне, у якім вывучаецца палітыка царызму на землях Беларусі, як яна распаўсюджвалася ад санкт-пецярбургскага двара, як распрацоўвалася, праз якія механізмы яна праходзіла і як яна рэалізоўвалася менавіта на нашых землях. А катаванне – гэта толькі невялікі элемент той рэпрэсіўнай палітыкі, які быў у той час.

Кіраўнік Цэнтра гарадскога жыцця Павел Мажэйка ўпэўнены, што гэта кніга будзе цікава кожнаму беларусу.

– Тэма, якой займаецца Алесь Радзюк, тэма палітычных рэпрэсіяў у дачыненні да жыхароў беларуска-літоўскіх земляў у ХІХ стагоддзі мне падаецца надзвычай важная, і гэтыя падзеі, хочам мы таго ці не, уплываюць на сённяшняе нашае становішча як нацыі, як дзяржавы.

Падчас сустрэчы Аляксандр Радзюк на прыкладах паказаў, як адбываліся катаванні ды экзэкуцыі, і  якія рэпрэсіі былі на тэрыторыі Беларусі.

Кніга была выдадзена дзякуючы выдавецкай ініцыятыве  “Гарадзенская Бібліятэка”.

Беларускае Радыё Рацыя