У Гародні пройдзе майстар-клас па выцінанцы
1 жніўня ў 19.00 у гарадзенскай этнакраме “Цудоўня” (В.Траецкая, 14) пройдзе майстар-клас з расповедам пра гісторыю і сутнасць беларускай выцінанкі. Гэта від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які мае глыбокія карані, а ў беларускай народнай культуры расквітнеў у 19 – першай палове 20 ст. У гарадзенцаў будзе рэдкая магчымасць не толькі даведацца пра гісторыю і асаблівасці выцінанкі, але і навучыцца самім ствараць легкаважныя папяровыя карункі-карціны.
Варта прыхапіць з сабой нажніцы (можна невялічкія).
Навучаць і расказваць будзе сябра Беларускага саюза майстроў, майстар выцінанкі Станіслаў Муліца (Гародня).
Выцінанкі яго вызначаюцца народным каларытам, аўтарскай шчырасцю і непасрэднасцю. Работы Станіслава Муліцы захоўваюцца ў музеях, прыватных калекцыях у Беларусі і па-за яе межамі. Майстар – удзельнік шматлікіх выставаў.
Падрабязнасці па тэлефоне +37533 6232616 (Андрэй Несцяровіч, этнакрама “Цудоўня”) і ў суполцы https://vk.com/wicynanka
Беларускае Радыё Рацыя
