У Гародні стартаваў конкурс праектаў помніка Давыду Гарадзенскаму



У Гародні стартаваў конкурс эскізных праектаў помніка Давыду Гарадзенскаму, паведамілі БЕЛТА ў Гарадзенскім гарвыканкаме. Арганізатарам конкурсу выступае Гарадзенскі гарадскі выканаўчы камітэт.

„Конкурс эскізных праектаў помніка Давыду Гарадзенскаму праводзіцца з мэтай пошуку найбольш выразнага вобраза палкаводца і дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага, старасты і каштэляна гарадзенскай крэпасці, як воіна і абаронцы”, – гаворыцца ў паведамленні. Удзел у ім могуць прымаць скульптары і архітэктары з адпаведнай адукацыяй.

У тэрмін да 29 красавіка неабходна падаць конкурсныя матэрыялы: мадэль ў мяккім матэрыяле ў маштабе не менш 1:10, генплан з прывязкай да месца ўстаноўкі помніка ў маштабе 1: 500, візуалізацыю архітэктурна-пластычнага рашэння помніка, кароткую тлумачальную запіску з абгрунтаваннем прапанаванага эскізнага праекта, з указаннем арыентыровачнага кошту работ па вырабе помніка.

Помнік будзе ўсталяваны на скрыжаванні вуліц Давыда Гарадзенскага і Замкавай.

Таксама ў гарвыканкаме адзначылі, што пераможца конкурсу атрымае аўтарскі ганарар у памеры Br1 тыс. Зроблена гэта будзе за кошт пазабюджэтных сродкаў па дамове з Гарадзенскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы, якая выступае заказчыкам па стварэнні і ўстаноўцы помніка.

Давыд Гарадзенскі (каля 1283-1326), кашталян гарадзенскі, военачальнік і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, вядомы тым, што не атрымаў ніводнай паразы ў бітвах з крыжакамі. Па адной з легенд, ён пахаваны ў Гародні ля сцен Каложскай царквы.