У Гародні тэмай „Мова Нанова” стаў „Хлеб”



Другія ў новым сезоне гэтага году курсы „Мова Нанова” прысвяцілі тэме „Хлеб”. Гарадзенцы, што завіталі ў „Цэнтр гарадскога жыцця”, змаглі даведацца новыя для сябе словы па гэтай тэме, дазнацца пра гісторыю выпякання хлеба, а таксама пачуць тэматычныя вершы.

Госцем курсаў была гарадзенка Вераніка Парманчук, якая падзялілася сваім рэцэптам выпечкі:

– Я выводжу закваску 7-10 дзён. На гэтай заквасцы пасля пяку хлеб. Дадаю да закваскі муку, ваду, соль і ўсё, што пажадае мая душа. Выпякаю, вось і хлеб, вельмі карысны. Жытнёвая мука грубага памолу. Калі ёсць магчымасць пячы хлеб у печы, то канешне ў печы. Калі вы жывяце ў горадзе і печы няма, але ёсць духоўка, то духоўка супер спраўляецца.

Для ўдзельнікаў курсы былі не толькі пазнавальнымі, але і смачнымі:

– Прыйшоў на курсы „Мова Нанова” не толькі, каб паразмаўляць па беларуску ў беларускамоўным асяроддзі, але і каб паесці смачныя, арыгінальныя стравы. 

– Было вельмі смачна, быў вельмі смачны хлеб. Прыемна размаўляць, усе людзі добразычлівыя вельмі. Вельмі цікава, вельмі смачна.

– Даведалася шмат цікавага пра тое, як пяклі хлеб калісьці. Як зараз пячэцца хлеб.

Гэтым разам на курсы можна было не толькі прыйсці, але і далучыцца анлайн.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча