У Гародні ўзгадалі алімпійца Караля Румеля



Гісторыкі і краязнаўцы, навучэнцы гарадзенскага ліцэя ўзгадалі падчас вечарыны – партрэта імя аднаго з першых алімпійскіх чэмпіёнаў – Караля Румеля, які жыў у пачатку ХХ стагоддзя ў Гародні. Сустрэча памяці Караля Румеля адбылася ў межах інтэлектуальнага клубу “Паходня Ісціны”, што ладзіцца ў гарадской бібліятэцы імя Андрэя Макаёнка.

Пра Караля Румеля распавядае супрацоўніца бібліятэкі Любоў Турмасава:

– Караль Румель не толькі ўславіў нашую Гародню ўдзелам у Алімпійскіх гульнях, а ўславіў усю нашу Беларусь. Яшчэ хачу зазначыць, што за мужнасць і гераізм нашаму знакамітаму вершніку на Алімпійскіх гульнях у 1912 годзе быў адліты залаты медаль па загадзе самога караля Швецыі.

Гарадзенскі краязнаўца і журналіст Уладзімір Хільмановіч упэўнены, што Гарадзеншчына дала свету вялікую колькасць вядомых спартоўцаў:

– Калі казаць пра ўсю Гарадзеншчыну, то першым удзельнікам Алімпіяды, а гэта быў удзельнік самай першай Алімпіяды 1896 года, быў Зыгмунт Мінейка. Гэта славуты паўстанец, які быў рэпарцёрам, інжынерам, праектаваў алімпійскія аб’екты. А калі казаць пра наш горад Гародню, то Караль Румель быў першым удзельнікам і прычым удзельнікам унікальным, таму што ў 1912 годзе ён выступаў за зборную Расейскай Імперыі, а пазней у 40-гадовым узросце выступаў за зборную Рэчы Паспалітай. І заваяваў медаль у гэтым пачэсным узросце.

Па словах Уладзіміра Хільмановіча гарадзенская зямля звязана з імёнамі больш чым двух дзясяткаў спартоўцаў, якія выйгравалі медалі на Алімпійскіх гульнях.

Наступная сустрэча ў клубе “Паходня ісціны” будзе прысвечана геральдыцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

[manual_related_posts]