У Гародні выйшаў № 5 гадавіка Rocznik Grodzieński



У Гародні выйшаў новы нумар гадавіка Rocznik Grodzieński.

Пра адметнасць выдання кажа яго стваральнік Войцех Шэўчак:

– У гэтым нумары мы працягваем тое, што пачалі на пачатку выдання гадавіка ў 2007 годзе. Маем старых правераных аўтараў, якія пішуць вельмі добрыя артыкулы, ёсць таксама новыя аўтары. Сярод правераных аўтараў Андрэй Чарнякевіч ды Іна Соркіна. Гэта спецыялісты ў якіх я заўсёды ўпэўнены і заўсёды цешуся, калі яны згаджаюцца супрацоўнічаць. 

Стваральнік амаль 300-старонкавага гістарычнага гадавіка падкрэслівае, што ў гэтым нумары не абмінулі таксама і рэканструкцыю Старога замку ў Гародні:

– Упершыню ў гэтым нумары з’явіўся артыкул Дзмітрыя Віцько, які прысвечаны Гарадзенскаму замку. У гэтым нумары мы хацелі засяродзіцца на замку з-за археалагічных працаў і рэканструкцыю. Хацеў бы прыгадаць пра артыкул Наталлі Кізюкевіч, які прысвечаны раскопкам у Гарадзенскім замку, а таксама таму, што было знойдзена падчас раскопак.

Прэзентацыя выдання была адкладзена з-за каронавіруса і пройдзе ў Гародні ў кастрычніку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча