У Гародні выйшла кніга пра Берасцейскі замак



У гарадзенскім выдавецтве «ЮрСаПрынт» выйшла ў свет кніга «Замак Бересцейскі» вядомага беларускага краязнаўцы Анатоля Гладышчука. Выданне распавядае пра жыццё ў сярэднявечным Берасці і мае вялікую колькасць ілюстрацый ды схем.

Пра адметнасці выдання распавядае выдавец, галоўны рэдактар выдавецтва ЮрСаПрынт Аляксандр Рыжы:

Гэта першая кніга вялікай трылогіі пра гэты замак. Кніга адметная тым, што па-першае сапраўды невядома, калі было заснаванае Берасце. Гэта складаецца на разнастайных крыніцах: перш за ўсё летапісах, якімі вельмі цікава карыстаецца аўтар. Вельмі прыемна тое, што гэта сапраўды не толькі спрэчка наконт заснавання горада, гэта ўвогуле пэўнае адлюстраванне жыцця Беларусі позняга сярэднявечча — новага часу. І увогуле, гэтая кніга будзе вельмі цікавая ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі і толькі потым гісторыяй Берасця.

Плануецца, што прэзентацыя кнігі пра старажытнае Берасце адбудзецца цягам бліжэйшага месяца ў Берасці і ў Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня