У Гародні выступілі лужыцкія сербы



Выступ гурта “Berlinska Dróha”  ў рамках тура па Польшчы і Беларусі адбыўся ў гарадзенскай арт-галерэі “Крыга”. Сам гурт створаны тры гады таму  двума ўдзельнікамі – Паўлам і Утай. Абодва музыкі – лужыцкія сербы – прадстаўнікі нацыянальнай меншасці Германіі, якія здаўна жывуць на ўсходзе Нямеччыны, захаваўшы сваю мову, традыцыі і музыку.

IMG_1886346257 rr

Музыкі вядомыя тым, што ўдзельнічалі ў туры па Еўропе з гарадзенскім гуртом “Дзецюкі”. Пра гурт распавядае Пятро Дудановіч, які разам з музыкамі падарожнічаў па Беларусі:  

– Назва гурта – “Berlinska Dróha”. “Droha” па-сербску азначае “вуліца”, у перакладзе з сербскай назва гучыць як “Берлінская вуліца”. Іх музыка – гэта спалучэнне лужыцкага фолка, панка і джазу. Музыка вельмі цікавая.

Канцэрт у Гародні быў як бы падзелены на дзве часткі: першая – ў галерэі, дзе было не праціснуцца, а другая частка пасля невялікага перапынку прайшла ва ўнутраным дворыку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Савелія Малчанава