У Гародні – замкі Вялікага Княства



Унікальныя карціны з выявамі замкаў Вялікага Княства Літоўскага прадставіла ў Гарадзенскай выставачнай зале Генеральнае консульства Літоўскай Рэспублікі.

Сярод выяваў – замкі ў Вільні і Троках, Медніках, а таксама знакамітыя замкі на тэрыторыі Беларусі – Крэўскі, Лідскі і Наваградскі замкі, а сама выстава прысвечана Дню аднаўлення Незалежнасці Літвы.

Пра адметнасць такой выставы распавядае Генеральны консул Літоўскай Рэспублікі ў Гародні Генадзіюс Мяцкаліс:

– У гэтым годзе пачынаем выставачны цыкл і пачынаем яго з такіх рамантычных мінулых часоў, як сярэднявечча. Тут прадстаўлены замкі ВКЛ у тым выглядзе, у якім яны былі ў тыя часы, яны ўвасобленыя ў гэтых карцінах пры дапамозе літаграфій, малюнкаў, успамінаў. Над гэтымі карцінамі працавалі і мастакі, і архітэктары, бо яны ствараліся ў фармаце 3D. Вельмі цікавая тэхналогія.

Па словах суаўтара выставы Антанаса Вайчыкаўскаса, гэтая экспазіцыя  рыхтавалася цягам апошніх 6 гадоў:

– Гэтыя працы ствараліся цягам 6 гадоў.  У нас ужо ёсць 18 прац і пакуль мы зрабілі паўзу. Ідэя з’явілася на 1000-годдзе Літвы, якое мы святкавалі ў 2009 годзе. Прадстаўлены літоўскія замкі, якія былі ў 1300 – 1400 гадах.

Пасля паказу выставы ў Гародні экспазіцыя з выявамі замкаў паедзе па іншых абласных цэнтрах Беларусі, а таксама яе пакажуць і ў іншых краінах.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня