У Гародні сарвалі прэзентацыю Віктара Марціновіча (абноўлена)



У аддзеле ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэта паведамілі “Свабодзе”, што ўчорашнія дзеянні праваахоўнікаў не скіраваныя супраць пісьменніка Віктара Марціновіча і яго кніжкі.

«Так склаліся абставіны. Прэтэнзіі былі не да пісьменьніка і не да ягонай кнігі. А да месца, дзе ён праводзіў дадзенае мерапрыемства. Дадзенае памяшканне, дадзеная абшчына — гэта памяшканне, яшчэ не ўведзенае ў эксплуатацыю. Пра гэта мы неаднаразова папярэджвалі, што нельга там праводзіць мерапрыемствы, нельга парушаць заканадаўства. Размовы будуць ня з Віктарам Марціновічам, а з парафіяй Маці Божай Фацімскай. Святар Крот быў у курсе дадзенай справы. У нас больш пытанняў па рэлігійнай дзейнасці», — паведаміў Віктар Мамачкін – кіраўнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага выканкама.

На пытанне, ці апраўданая была рэакцыя міліцыянтаў і ці будзе дадзеная ацэнка іх дзеянням, гарадзенскі ідэолаг адказаў, што праваахоўнікі «перагнулі палку».

* * *

Сілавікі ў Гародні сарвалі прэзэнтацыю рамана “Мова” Віктара Марціновіча. Яе ладзілі кампанія “Будзьма” ды “Беларускі кнігазбор”. Праз 20 хвілін з пачатку імпрэзы ў будынак грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай увайшлі супрацоўнікі міліцыі і інспектар Міністэрства па надзвычайных справах. Яны паведамілі, што мерапрыемства ў будынку несанкцыянаванае і павялі складаць пратакол апытання на Віктар Марціновіча, айца Андрэя Крота і Міраслава Лазоўскага. Вось што расказаў нашаму карэспандэнту аўтар прэзентаванай кніжкі:

– Кніга, якая вельмі добра разыходзіцца ў Беларусі праз дзяржаўныя крамы, трапіла пад такі прэс. Я быў вельмі здіўлены, калі адчыніліся дзверы, і я ўбачыў міліцэйскую фуражку. Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол апытання з нагоды правядзення масавага мерапрыемства без дазволу гарвыканкама.

У будынку былі прадстаўнікі розных сілавых структур: камітэтчыкі, міліцыянты, пажарнікі. За час складання пратакола ў будынак парафіі прыйшоў і прадстаўнік ідэалагічнай службы гарвыканкама, Андрэй Ярашэвіч, які выбачыўся перад прысутнымі і паведаміў, што такія прэзэнтацыі абавязкава неабходна ўзгадняць з уладай.

Цяпер жа, на падставе пратакола, міліцыя дасць юрыдычную ацэнку культурнаму мерапрыемству, якое міліцыянт назваў “масавым”.  На гэта яны ўзялі 10 дзён.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

Нам удалося датэлефанавацца да гаспадара памяшкання, у якім адбывалася прэзентацыя рамана Віктара Марціновіча „Мова”. Айцец Андрэй Крот адказаў на нашыя пытанні:

РР: Што зараз адбываецца ў вашым Цэнтры?

– Ужо людзі разыйшлі і мерапрыемства было сарванае.

РР: У вас бралі нейкія сведчанні?

– Склалі пратаколы на мяне, на Марціновіча і на Міраслава Лазоўскага.

РР: І што вам сказалі?

– Сказалі, што будуць даваць юрыдычную ацэнку таго, што ў нас адбылося. Ці мы можам праводзіць такія мерапрыемствы. Ці можам праводзіць у гэтым памяшканні.

РР: Ужо адпусцілі Віктара Марціновіча?

– Так, ужо адпусцілі. Зараз падпісвае свае кнігі чытачам, якія засталіся.

* * *

У Гародні затрыманы пісьменнік Віктар Марціновіч падчас прэзентацыі свойго новага раману “Мова”. Прэзентацыя была наладжана ў Парафіяльным цэнтры парафіі Маці Божай Фацімскай.

Паведамляе ўдзельнік прэзентацыі Алесь Кіркевіч:

– Зараз у будынку прысутнічаюць прадстаўнікі гарвыканкама, МНС, міліцыі. Каля будынку ёсць супрацоўнікі КДБ. І зараз бяруцца апытанні і складаюцца пратаколы апытанняў на грэка-каталіцкага святара айца Андрэя Крата, на Міраслава Лазоўскага, прадстаўніка выдавецтва “Беларускі кнігазбор”, і на Віктара Марціновіча.

Святара айца Андрэя Крата, прадстаўніка выдавецтва “Беларускі кнігазбор” Міраслава Лазоўскага і пісьменніка Віктара Марціновіча абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Якуба Сушчынскага